Словы за гарбатай

Падстаронкі

pixelart.html — мае спробы штосьці пакрысе маляваць.

rm2k-map-format.html — фармат карт праграмы RPG Maker 2000. Недапісана, бо знайшлося апісанне на easy-rpg.org/wiki.


Блог

8 лістапада 2014 года

Мне вельмі не падабаецца страх перад «спойлерамі» .

Усе мы ўспрымаем творы па-рознаму. Хтосьці чытацьме доўга і ўдумліва, хтосьці — хутка і пераскочыць ад дыялогу да дыялогу. Адзін возьмецца чытаць у добрым настроі і памеціць адно, іншы — у дрэнным і памеціць іншае. Нехта памеціць адсылку да прачытанага тэкста, нехта не чытаў і не памеціць.

І гэта прыгожа, што кожны падыходзіць да твора з свайго боку. І гэта карысна, бо дазваляе кожнаму ўбачыць штосьці сваё. Можна ўбачыць штосьці такое, чаго і аўтар не бачыў, — а потым расказаць пра сваё бачанне іншых, а разуменне розных пунктаў гледжання дазволіць ім лепей зразумець цябе — і людзей увогуле.

А ідэя «спойлераў» заснаваная на перадумове, што ёсць толькі адзін правільны стан, з якім можна падыходзіць да твора, а іншыя «сапсаваныя», spoiled. Мне гэта непрыемна.

Але што ж з цікавасцю? Ці не ахвярую я цікавасцю дзеля неякіх маральных прынцыпаў «добра, калі кожны чытае на свой лад»? Насамрэч не. Ёсць даследванні, што спойлеры не толькі не замінаюць атрымліваць задавальненне ад твора, але і павялічваюць яго: www.wired.com/2011/08/spoilers-dont-spoil-anything (вось сама праца, на якую спасылаюцца ў гэтым артыкуле: pages.ucsd.edu/~nchristenfeld/Publications_files/Spoilers.pdf, Jonathan D. Leavitt, Nicholas J. S. Christenfeld, Story Spoilers Don't Spoil Stories).


1 кастрычніка 2014 года

Мне спадабалася ідэя з артыкула «Emulator-Backed Remakes» Габрыэла Гамбэтты пра тое, што эмулятар можа мяняць вывад гульні. Але мне здаецца, што мяняць графіку ў гульні — не найважнейшая рэч. Графіка прыгожая і такая, якая яна ў старых гульнях.

Куды цікавей мне здаецца ідэя зрабіць гульні даступнымі для тых, хто вывучае замежную мову. Напрыклад, возьмем 魔法門III, кітайскую версію гульні Моц і магія 3:

(кадр з гульні)

Што тут трэба зрабіць, каб яна стала даступнай для замежнікаў, якія вывучаюць кітайскую? Па-першае змяніць шрыфт. Насамрэч у гульні тэкст крыху расцягваўся па вертыкалі, таму выглядаў крыху лепей — але на значна:

(павялічаны тэкст)

Чытаць такое вельмі складана, асабліва калі ты кітайскую толькі вывучаеш. Было б вельмі зручна замяніць нязручны для чытання тэкст на 如果你願意幫我的話 (ці нават на 如果你愿意帮我的话)!

Па-другое, трэба дадаць магчымасць скапіяваць тэкст. Кожны зможа ўставіць яго ў слоўнік, аўтаматычна яго перакласці ці спытацца пра пераклад на форуме.

Па-трэцяе, можна дадаць самыя розныя дапаможныя матэрыялы ў саму гульню. Падкрэсліванне ўласных імёнаў, паясненне складаных граматычных момантаў у асобным аконцы, надпісаную транскрыпцыю над літарамі, убудаваны слоўнік, падрадковы пераклад...

Яшчэ цікава было б знаёміць людзей з гульнямі, пра якія мы наўрад пачуем. Напрыклад, ёсць шмат кітайскіх гульняў, якія ніколі не перакладаліся на англійскую. Часта таму, што яны грунтуюцца на кітайскай культуры: напрыклад, ёсць гульні па раману «Трохцарства».


22 верасня 2014 года

Апошнім часам замест «калі будзе час» пішу «калі будзе час*жаданне». Зручная велічыня.


18 верасня 2014 года (а ўжо сапраўдная восень!)

Я завёў гэты блог, бо паддаўся чарам neocities.org. Яны амаль нічога не прапануюць — проста мінімальны хостынг на 20 мегабайт без магчымасці выконваць серверныя праграмы, нават без магчымасць стварыць папкі, — але мне вельмі падабаецца, як яны сябе пазіцыянуюць: «зноў зрабіць вэб вясёлым», «павяртаюць творчае выражэнне ў вэб». Гэта падкупае.

Я паспрабую зрабіць тут свой блог. Яшчэ адзін.


Цікавыя спасылкі (архіў тут)

thebaffler.com/salvos/404-page-not-found-wagner [англійская, інтэрнэт] /10.01.2019